ОСНОВНОЙ ГОСУДАРСТВЕННЫЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЙ РЕСУРС
В СФЕРЕ МОЛОДЕЖНОЙ ПОЛИТИКИ
Ру

Текст республиканского диктанта "Дзень народнага адзiнства"

16 сентября 2025

Дзень народнага адзінства  
          Беларусы жывуць у суверэннай і незалежнай дзяржаве, дзе кожны свабодна можа праявіць сябе ў прафесійнай і творчай дзейнасці, каб праславіць сваю Радзіму.
          Ці можам мы ўявіць сабе, што тэрыторыя нашай Бацькаўшчыны была ў два разы меншая за сённяшнюю? Што Гродзеншчына і Брэстчына, значныя часткі Міншчыны і Віцебшчыны належалі іншай дзяржаве? Што на іх тэрыторыі гаспадарылі людзі, якія прыгняталі беларусаў? Ці можам мы падумаць, што заходняя мяжа нашай краіны знаходзілася амаль пад Мінскам, а шматпакутны беларускі народ быў прымусова раз’яднаны?
          На жаль, да 1939 года так і было. Па ўмовах Рыжскага дагавора ад 1921 года заходняя частка Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы. Так працягвалася, пакуль нацысцкая Германія не здзейсніла напад на Польшчу. Ва ўмовах Другой сусветнай вайны СССР вырашыў узяць пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі. 17 верасня 1939 года Чырвоная армія распачала вызваленчы паход за тэрыторыю Заходняй Беларусі. Гэта быў вымушаны крок, каб нарэшце беларусы маглі ўз’яднацца дзеля агульнай будучыні. Відавочна, што дзякуючы аб’яднанню наша краіна змагла выстаяць у Вялікай Айчыннай вайне, супольна супрацьстаяць ворагу і перамагчы.
          Менавіта ў гонар падзей 1939 года ўжо ў суверэннай Беларусі дата 17 верасня была абвешчана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Днём народнага адзінства. Па словах Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Дзень народнага адзінства сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў, сілу духу беларускага народа і яго нястомнае імкненне жыць у сваёй дзяржаве і на роднай зямлі.
          Дзень народнага адзінства – гэта свята, якое ўвасабляе гістарычную справядлівасць. Свята, якое з’яўляецца сапраўдным сімвалам еднасці нашага грамадства, адлюстроўвае патрыятызм і грамадзянскую сталасць беларусаў, дэманструе сапраўдную згуртаванасць беларускага народа і адзінства яго нацыянальных інтарэсаў.
          У адзінстве – наша сіла! Адзінства – гэта залог мірнай і шчаслівай будучыні нашай роднай Беларусі!